ХО́ДАСАВІЦКАЕ СВЯЦІ́ЛІШЧА,

язычніцкі культавы помнік 10 — пач. 11 ст. каля в. Ходасавічы Рагачоўскага р-на, на беразе воз. Святое, на ўсх. ускраіне стараж. селішча (гл. Ходасавічы). Цэнтр. частку свяцілішча складала гарыз. круглая ў плане пляцоўка дыям. 7 м, абкружаная канаўкай шыр. 40 см, глыб. 40—50 см, у якой, напэўна, стаяў вастракол. У цэнтры круга выяўлена паглыбленне дыям. 1 м, глыб. 0,15 м, у якім стаяў драўляны слуп-ідал. З 4 бакоў на адлегласці да 2 м ад краю пляцоўкі знаходзіліся серпападобныя ямы даўж. да 6 м, шыр. 1,8 м, глыб. да 1 м, арыентаваныя па старанах свету. У час язычніцкіх рытуалаў у іх запальвалі вогнішчы. Паўзямлянка на селішчы, верагодна, была жытлом жраца. Даследчыкі лічаць, што Х.с. было прысвечана Перуну.

Л.​У.​Дучыц.

Ходасавіцкае свяцілішча. Рэканструкцыя.

т. 17, с. 38

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)